ЛІ́БЕРУМ ВЕ́ТА
(лац. liberum veto вольнае «забараняю»),
у 16—18 ст. ў Рэчы Паспалітай права дэпутата сейма спыніць пасяджэнне і адмяніць усе прынятыя на ім пастановы сваім вусным пратэстам (выкрыкам «не дазваляю» або «пратэстую»). Узнікла як следства прынцыпу абавязковага аднагалосся пры прыняцці сеймавых пастаноў, уведзенага ў 1589. Упершыню выкарыстана ў 1652; да 1764 такім чынам сарвана 48 сеймаў з 55, што вяло да паліт. анархіі і ўмяшання інш. дзяржаў у справы Рэчы Паспалітай. У 1768 дзеянне Л.в. абмежавана, захоўвалася толькі пры вырашэнні другарадных пытанняў. Ліквідавана канстытуцыяй 3 мая 1791.
т. 9, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)